Мудрэц старых часоў, у непакоры
Абняўшы думным позіркам Зямлю,
Гукнуў стагоддзям:
«Дайце пункт апоры —
І я ўвесь шар зямны перакулю!»
О гэты кліч вучонага пірацтва!
Пастой, мудрэц:
Перад табой — абрыў...
Калі сусвет ты розумам скарыў,
Дык падкажы,
На што абапірацца?
Ракетныя адчуўшы сёння шпоры,
Век то ляціць, то на дыбы ўстае.
І я шукаю на Зямлі апоры,
Каб перад прорвай утрымаць яе.
Калі ў пашытай навырост кашулі
Свой першы крок рабіў я пры сцяне,
Я апіраўся на руку матулі,
Якая ўпасці не давала мне.
Калі ўзлятаў да зор у пасмах дыму
У караблі касмічным сын зямлі,
Радзіма і народ у часе ўздыму
Яму апорай вернаю былі.
Зямлю абняўшы позіркам цвярозым,
Наступнікаў,
Сучаснік,
Абнадзей:
Адна ўсяго ў цябе апора — розум
З'яднаных добрай згодаю людзей.