Бацькі дзяцей дамоў гукаюць.
А дзеці ў гульнях несвядома
З двара бацькоўскага ўцякаюць
Усё далей, далей ад дому.
І пасівелыя заўчасна,
Бяруць да сэрца блізка мамы,
Што іх свавольнікі так часта
Прыносяць сінякі і шрамы.
І не спыніць ужо імкненне
У свет нязнаны — зорны вырай,
Нібы не ўладна прыцягненне
Зямной любві і ласкі шчырай...
На скроні срэбны снег садзіцца.
Галактыкі ў вышынях стынуць.
І гэтак цяжка пагадзіцца,
Што дзеці ўрэшце нас пакінуць.
Гарэзнікі, што з бойкім крыкам
Дэсант выкідвалі за весніцы,
Цяпер — у космасе адкрытым,
Цяпер — з калёсамі на Месяцы.
Пад вокнамі звінелі бомамі —
Удалечы расталі зоркамі...
Схіляючыся над альбомамі,
Мы свецім позіркамі горкімі.
Глыб акіяна сніцца рэкам.
І, як вялікія падзеі,
У сэрцах матак — гулкім рэхам
Сыноў узлёты і падзенні...
Ці ж ведалі, калі вучылі
Хадзіць сваіх нямоглых дзетак,
Што пойдуць перад іх вачыма
Свавольнікі далёка гэтак?