І гаспадыняй і рабою
Ты нечакана станеш мне,
Калі святло тваё рабое
Душу пранізліва кране.
І я ўзыходжу зноў на сопку,
Дзе наталяе голад мой
Глыток бярозавага соку,
Глыбінны смак зямлі самой,
Не дай мне абмінуць удачу
І завядзі ў гушчар лясны,
Дзе я ў святле тваім убачу
Маёй удачы цуд грыбны.
Тут, дзе была ты сувязною,
Мне адшукаць ізноў дазволь
На выцвілай бяросце мною
Накрэслены штыком пароль...
Як і цябе, мяне шчапала
Бяды ваенная пара.
Ды я не ўпаў і ты не ўпала
Перад пагрозай тапара.
Працягвай мне свяціць бясконца,
Гаючай ласкай атулі,
Маё бярозавае сонца,
Высокае святло зямлі.
Калі вятры гадоў астудзяць
Гарачыню майго чала
І лёс мяне на ноч асудзіць,—
Пазыч цяпла, пазыч святла.
Над галавой маёй, бяроза,
Нязгаснай свечкай засвяці
Так нетаропка і цвяроза,
Як ты мне свеціш пры жыцці.
* * *