Дрогкай хвалі шаўковы шолах
Запрашае ў блакітны рай.
Белы бераг —
Краіна голых.
Белы бераг —
Янтарны край.
Белы бераг —
Краіна роўнасці.
Тут вяртаемся хоць на міг
Ад уяўнасці, ад умоўнасці,
Як дамоў, да сябе саміх.
Адчуваеш сваю падсуднасць
Перад морам — жыхар зямлі.
Тут не толькі мускулы, —
Сутнасць,
Як на споведзі, агалі.
Не раняючы гордай годнасці,
Мора просіць тваёй рукі.
Пакажыцеся ў першароднасці —
Прэч акрасы і парыкі!
Тут і дужыя, тут і кволыя
Пабраталіся сапраўды.
Каралі і прэм’еры — голыя! —
Перад шумнай уладай вады.
Хвалі падаюць, мякка сцелючы
Зіхатлівыя дываны.
Скіньце ўборы фальшывай велічы
Скіньце смела мундзір маны!
Акуніцеся, дакраніцеся
Да бунтарнасці трапяткой,
І заб’ецца ў вас, як у віцязя,
Грыва вечнасці пад рукой.
* * *