Берагі
Ваду бяруць
У рамку,
Каб рака трымалася напрамку,
Каб,
як ранцы,
караблі насіла
Мускулістых пругкіх хваляў сіла.
Ах, рака —
Рука крутога мора,
Ты не знаеш, што такое змора,
Бач, цябе п’янлівасць веснавая
Зноў да хваляванняў падмывае.
Скінуўшы ільдоў счарнелых вечка,
Вырастаеш, быццам з дзежкі цеста.
І табе ўжо, рэчка-быстрацечка,
У сваім зямным улонні цесна...
І куды, нікому невядома,—
У вады няўрымслівасць сляпая —
Уцякае з рэчышча,
Як з дому,
Бераг, як парог,
Пераступае.
Пабяжыць за край зямлі і неба,
І яе не зацугляць, хоць рэжце.
І няўжо з сябе выходзіць трэба,
Каб знайсці сябе самога ўрэшце?
...Вусце ў мора. Рокатна і гулка
Некалі рахманая рачулка
Бухае, як кулаком у брамку...
Берагі
Ваду бяруць
У рамку.