Камандаваць прагне парадам
Надзьмутая злосна бомба,
Начыненая зарадам
Атамнага апломба.
Тупагаловая марыць,
Як яна ўрэшце трахне...
Хочацца ёй валадарыць
У царстве сусветнага страху.
Драла давай ад бомбы,
Амерыка і Еўропа,
У норы і катакомбы,
Пячоры пітэкантропа;
Падпальвай запалкай злосці
Моцы сваёй узрыўчатку,
І ў век каменны — у госці,
Каб потым — усё спачатку?..
Прарокі смерці,
даволі!
Дай жа адбой, трывога!
Не застанецца ўдавою
Планета без роду людскога.
Ах, як у вантробах бомбы
Свярбіць зарад акаянны!..
А ці не лепей ілбом бы
Яе аб дно акіяна,
Дзе, у бязмежныя глыбы
Нырнуўшы, ад страху нямеюць
Падводныя лодкі —
рыбы,
Якія крычаць не ўмеюць.