Бор,
Як роздум,
Глыбокі,
Неруш цёмную не прадзерці,
Мы ўцякаем сюды ад спёкі.
Мы ўцякалі сюды ад смерці.
Працягнуўшы ў свае іголкі
Ніткі яркіх праменняў,
сосны
Вышываюць узор дзівосны.
У траве іржавеюць асколкі
Ад снарадаў і мін, якія
Тут упалі ў гады* цяжкія...
Пахне каскаю,
Пахне краскаю
З адмысловай мядовай назваю,
Пахне цёмнай таемнай казкаю,
Што спрадвеку гушчар расказвае...
Шматкалёрнасцю роснай вясёлкі
Зіхацяць у траве асколкі
Ад бутэлек,
якіх не лічылі,
Калі горла ад смагі лячылі.
Дрогкім шумам,
што ўторыць думам,
То з лагодай, то з лёгкім сумам.
Ты ўспаміны аб будучым будзіш,
Лес мой — дом мой!..
Ты быў. Ты будзеш.
Раптам грукае, як у дзверы,—
Скаланулася кронаў стрэха,
Можа, гэта — лёскат сякеры?
Можа, бітвы мінулай рэха?
Бор,
Як роздум,
Глыбокі,
Неруш пальцамі не прадзерці.
Уцякаем сюды не ад спёкі —
Уцякаем сюды ад смерці.