Даруй мне, што парушыў этыкет,
Змянілася маё чаканне стомай.
І праз няхітры рупар —
Свой санет —
Я гавару з табою, незнаёмай.
Хоць назавеш сваім, але да рэшты
Мяне ўсяго адна не забярэш ты:
Я частку цеплыні сваёй аддам
Садам
І нерасплаўленым ільдам.
Ты будзеш раўнаваць мяне да кніг,
І да гудкоў, што клічуць у дарогу,
І нават да сумётаў снегавых,
Што затрымаць мяне ў вандроўцы могуць.
Ты слухаеш і моршчышся?
Тады
Лепш будучай застанься назаўжды!