Хаця насення меней, меней,
А трэба сеяць поўнай жменяй.
І не вядома, колькі зерня
Зямля ў твае далоні верне.
Палетак песцячы раўніва,
Пра стому сейбіт забывае.
Адлегласць ад сяўбы да жніва
Даўжэй за век людскі бывае.
І не ганебна пакланіцца
Барознам, як адменным вершам,
Калі мы хлеба таямніцу
З самой зямлёй у згодзе вершым.
Выкідвай зерні дарагія,
Пакуль жыццём набракла глеба.
І нават хай пажнуць другія,
А трэба сеяць.
Сеяць трэба.
І шчодра так і так прыгожа,
Як дождж у маі сеюць хмары.
Калі ў сяўні забракне збожжа,
Пасееш зерне добрай мары...
Сячэ палеткі град і вецер:
Старэе свет —
зямля лысее.
І шчаслівей за ўсіх на свеце
Не той, хто жне, а той, хто сее.
* * *