Паветра куродымам труцяць,
Ваду каламуцяць і круцяць
З калыскі да самай труны
Хітруны.
Жаданняў сваіх выканаўцы,
Вы — знаўцы, вы — тонкія знаўцы
Адной чалавечай струны,
Хітруны.
Спасціглі ў мастацтва пралезці,
Аблытаць, правесці, аплесці
Шаўковаю пражай маны
Хітруны.
У вочы лісліва пахваляць,
Крадком па-змяінаму ўджаляць,
Каб думалі, што не яны —
Хітруны.
Дастануць усё, што захочуць.
Наўпрост не прабраўшыся, збочаць,
Запал паказаўшы трайны,
Хітруны...
Адкрылі, нарэшце, адкрылі,
Што самі сябе абхітрылі,
Люляючы дробязь маны,
Хітруны.