Хвала напятай хвалі, што пяе!
Хвала ўзбярэжным дзюнам, што як горы!
На пляжы спляжу немачы свае
І змору
патаплю ў бяздонным моры.
Ад гарадской гарачкі і трывог
Лячы мяне,
Мой добры доктар — ціша...
І ўжо блакітнай вечнасці разлог
Мяне ў калысцы трапяткой калыша.
Куляйся,
як свавольнае дзіця,
Будуй з пяску высотных мар пакоі.
Пуцёўка —
віза за рубеж жыцця —
У царства санаторнага спакою.
Усё, што хвалявала, забывай.
Зачыненае сэрца — на засовы...
Зялёны рай —
Курортны край —
Бывай! —
Я пакідаю мой нябыт часовы.
Дарма, дарма ўзбярэжных хваляў цуг
Маёй ляноце дружна ў ладкі пляскаў.
Хапаю зноў выратавальны круг
Сваіх будзённых спраў і абавязкаў.
* * *