Далёка, далёка
Ад сіняга Нёмана Ціса...
Паток яе мутны шырока
У нізіне разліўся.
Гляджу я на хвалі,
Што з шумам бягуць несціхана.
Нясуць на сабе яны ў далі
Плытоў караваны.
А далі —
не ў шэрым тумане:
Яны прад вачамі
Рачнымі плацінамі стануць,
Засвецяць агнямі...
Вось гэткія ж думы
Мяне і тады хвалявалі,
Калі пазіраў я, задумны,
На Нёмана хвалі.
І зараз я, пэўна б, забыўся,
Што я ў Закарпацці у горным,
І ўбачыў бы, пэўна, не Цісу,
А Нёман свой зорны,
Каб толькі не гэтыя воды,
Пакрытыя пенай,
Каб толькі не горы,
што воддаль
Паўсталі, як сцены;
І каб не трэмбітныя гукі,
Якія няспынна,
Калышучы лісце па буках,
Плывуць у нізіну.