Ёсць у мужчын слова няўмольнае —
справы...
І ты, прырастаючы да акна,
Доўга глядзіш,
быццам з шырокай аправы
Карціна з журботнай назвай «Адна».
Гушкала ў вагоне і трэсла мяне ў аўтобусе.
І вось самалёт у надхмар’і нясе.
Унізе мільгаюць,
як на вучнёўскім глобусе,
Сінія жылкі рэк і напятыя струны шасэ.
Але воблакі — лебедзі белыя
Усяго мяне
не узялі:
Цень мой — цень самалёта бегае,
Як на прывязі, па зямлі.
Калі скалане паветраная дарога,
Над крэслам тужэй зацягні
рамяні
І за думку,
што ў небе бліжэй да бога
Схапіцца можаш
у вышыні.
Але трымаюцца
у рукатворнай спайцы —
Бачу іх праз аконнае шкло —
Заклёпкі пукатыя,
нібы пальцы,
Якія з зямлі падпіраюць крыло.
У гасцініцы
з пылам дарожным і потам
Мяне сон у абдымкі зграбе.
Прахаплюся ў пасцелі халоднай потым —
Будуць губы шукаць
цябе...
Як гэтым крылам,
што носяць мяне,
веру
Табе, дарагая мая!
І калі да цябе
паштальён стукае ў дзверы,
Памятай —
гэта стукаю я.