Добрым людзям жывецца дрэнна:
Грызе іх сумленне, сумненне скрабе...
А дрэнныя людзі сочаць нядрэмна,
Як добрыя людзі паводзяць сябе.
Добрыя людзі тужаць аб цудзе,
Як выпраменьваць святло і гарэць.
Тым часам употай дрэнныя людзі
Шукаюць,
дзе б ім рукі пагрэць...
Тое, што добрыя людзі зробяць,—
Каб шчасцем дзяліліся я і ты,—
Дрэнныя людзі прымуць як дробязь
З усведамленнем сваёй праваты.
Дрэнныя людзі б’юць сябе ў грудзі:
Мы —
рулявыя падзей і надзей...
І мы прывыкаем,
што дрэнныя людзі
Ходзяць з выглядам добрых людзей.