Яшчэ пустыр не абуджалі гукі,
Яшчэ маторы кранаў не гулі —
А ты ўжо рос. Цябе ўзнімалі рукі
Майстроў ва ўсіх кутках маёй зямлі.
Там,
Дзе ў мартэнах ярасна шугала,
Нібы віхура, полымя метала;
Там,
Дзе ў бары ўгрызалася піла
Ў тугі камель сасновага ствала;
Там,
Дзе ў пачах абпальвалася цэгла,
Якая зараз шчыльна ў сцены легла,—
Ты нараджаўся, дом, у добры час
І з чарцяжоў ужо глядзеў на нас.
...З дзвярэй тваіх сцяжынкі выбягаюць
І разыходзяцца ва ўсе бакі
Па нашым родным па бязмежным краі,
Дзе ўсе майстры,
Дзе ўсе будаўнікі.