Камяні, якімі продкі
Прабівалі сабе чэрапы,
Пакладзіце ў падмурак,
Закапайце глыбока,
Каб уцячы не надумалі
У век каменны.
Сцены змацуйце металам
Што калісьці начамі
У пірацкіх руках
Намацваў сэрца суседа.
Дзверы зрабіце шклянымі,
Каб не ўпускалі
Толькі вецер і сцюжу,
А замкі і ключы
Здайце ў музей старажытнасці.
Дах пакіньце адкрытым,
Дах пакрыйце блакітам,
Каб зоркі віднеліся
І жыхарам не давалі
Згінацца і горбіцца,
Каб хатнія гаспадыні
Маглі
Разліваць у талеркі
Радасць
Палоннікам Вялікай Мядзведзіцы.
Будуйце дом сяброў.
* * *