Душыла гора адмыслова,
А я не вешаў галаву,
Адно сціскаў зубамі слова:
— Перажыву!..
— Перажыву!..
Ах, як вагаўся дрогкі градус
Жыцця, якім не даражыў!..
Бяду і шчасце, боль і радасць
Перажываў і перажыў.
Я ў той ваеннай крутаверці,
Зусім забыўшыся на смех,
Гуляў у хованку са смерцю,
Навыперадкі з куляй бег.
Але і ў цемрадзі бязмежнай
Акупацыйнага сіла,
Мая душа, ты незалежнай,
Ты суверэннаю была.
Дзіцячай мары самалёт
Крылом аблокі ў небе кратаў,
Мой папяровы кулямёт
Знішчаў паветраных піратаў.
...Калі ж ізноўку ў паняверцы
Заслоніць хмара сіняву,
Як рэха прагучыць у сэрцы:
— Перажыву!..
— Перажыву!..