Папярос агнявыя джальцы
Абуджаюць імгненны ўздым.
Прабіваючыся праз пальцы,
Сіняй змейкай віецца дым.
Ад п’янлівага тлуму ў застоллі
Сэрцы соладка растаюць:
І, пружынячы дрогка,
да столі
Змейкі кольцамі дастаюць.
Нібы куля ў ствале, нямею,
Удыхаючы з’едлівы чад:
Смокчуць змеі,
табачныя змеі
Вішні вуснаў і грудзі дзяўчат.
Не распушчана маладымі
Жоўкнуць твары і пачуццё.
Вочы ў дыме.
І думкі ў дыме.
Думы ў дыме. У дыме жыццё.
Як жа зараз прызнацца цяжка
Мне самому сабе цішком:
Пацалунак з табой —
як зацяжка
Папяросным крутым дымком.
Ты адольваеш небяспеку,
Каб не тыцкалі модніцы ўсе.
— Бач, адстала, адстала ад веку —
Тытунём ад яе не нясе...
І не ў сіле ўтаймоўваць злосці,
Грымну раптам у цішыні:
— Пойдзем з дыму! Да сонца ў госці!
Да паветра і чысціні...
Ці не лепей даверыцца квецені,
Зорнай свежасці і траве?
Каб ты пахла суніцаю, вецер
Плацце дыму з цябе сарве...
Я малюся, каб позірк дзявочы
Цыгарэтным агнём не згас...
Не пускайце нам дым у вочы,
І без дыму мы любім вас!
* * *