Я жыву на граніцы —
На граніцы вёскі і горада,
Травы і бетону,
Цішы і грому...
Яшчэ шумяць
(Нібыта ў ракавінах мора!)
Ссечаныя сосны
У слыху тых,
Што іх саджалі тут.
Дзяцел,
Прыняўшы за дрэва жывое
Слуп,
Таропка застукаў:
— Тук-тук!..
На тэлеграфнай станцыі
Перапалох:
Не могуць расшыфраваць
Птушыную радыёграму.
Аўтобус на ўскраі зямлі
Апісвае крута дугу,
Яшчэ адзін паварот руля —
І выслізне
З-пад колаў Зямля...
Я жыву на граніцы.
* * *