Як хораша ступіць на тратуар,
Які блішчыць на золку адмыслова.
Абцасамі стукочаш, як друкар,
Што ў вольны вырай выпускае слова.
І водгулле таго, што я ў даўгу,
Нясе пустэльны горад, як пячора.
І на душы шчыміць: а ці змагу
Нагнаць усё, што не паспеў учора.
Ах, сонейка, як рупны дворнік, ты
Раней, чым я, ізноў сягоння ўстала.
І палавіну соннага квартала
Прабег ужо твой венік залаты.
* * *