Яснасці,
Яснасці,
Яснасці! —
Хочацца па-цвярозаму.
Яснасці — чэснай уласнасці
Незакілзанага розуму.
Яснасці ўсім, хто выйшаў,
Каго не хістае змора,
Хто пеністым следам вышыў
Хустку планеты — мора.
Як доўга ў былым туманы —
Барадачы нябрытыя —
Туляцца, бы атаманы,
Шайкі якіх разбітыя.
Нібы акрайцам румяным,
Сонцам надзеі снедаем.
Яснасці — у спазнаным,
Яснасці ў тым, што зведаем?
Яснасці! Хто там ізноўку
Робіць адтэрміноўку
Зорнага старту мыслі?..
Хмары ўгары навіслі.
Яснасці! І ў Сайгоне,
Сцятым чужой вуздэчкаю,
На плошчы, як на далоні,
Гарыць чалавек свечкаю.