Сінеюць дарожныя каляіны,
Зрабіла з іх восень сабе ручаіны.
Якія цяжары калёсы тут неслі,
Каб гэтыя вось каляіны накрэсліць?
Насенне,
Каб поле засеяць старанна?
Салдата,
Які задыхаўся ад раны?
Ці, можа, турыста,
Што ў жніўнае лета
Шукаў для дзяўчыны каханае кветак?
Калі ты ў люстэрка зірнеш і на твары
Убачыш дарожкі маршчынак сваіх,
Згадай да драбніцы,
Якія цяжары,
Якія турботы
Пакінулі іх.