Я — кола. Мая доля —
Часамі з грукам і нехаць —
Круціцца ўвесь век на доле,
Каб вам наверсе ехаць.
Цісне ваўсю на педалі
Рыпучых гадоў бяссонне.
Не помню, з якой далі
Я прыкаціла ў сёння.
Я вырабляла сальта
На дрогкіх ухабах былога.
Зараз па люстры асфальту
Носіць мяне дарога
Я, руху вярчальнага лёкай,
Сцярджаю людское суседства.
Ах, як на мне далёка
Заехала чалавецтва!
Я састарэла нібыта...
І хтосьці з вышынь здабытых
Ужо да мяне невясёла
Гукае: «Далоў кола!»
Спаборнікі эры зорнай,
Падманам сябе не цешце,
Быццам у гонцы маторнай
Я дакруцілася ўрэшце.
Я — пачатковая школа
Узлётнай ракетнай сілы:
Калі не разгоніць кола,
У неба не ўздымуць і крылы...
Качуся,
гонячы скруху,—
Аж зоркі трымцяць наўкола —
Я — кола адвечнага руху,
Выратавальнае кола.
* * *