Кожная сцежка
Шукае дарогу
І знаходзіць яе па-свойму,—
То пятляючы доўга
Між купін і хмызняку,
То пераскокваючы гулліва
Пагоркі і яміны,
То абвіваючы дрогка
Стромы каменныя
Над абрывам,
То з разгону — наўпрост...
Свой бег паскараючы,
Сцежка зусім не думае,
Што, дасягнуўшы дарогі,
Загіне сама
Пад спрасаванаю гладдзю
Асфальта...
Сцежкі,— як карані, што
Прабіраюцца ў цемрадзі
Падзямелля,
Сок несучы да камля.
Каранёў не відаць,
Але ці ж не яны {яііы
Ад працы счарнелымі пальцамі
Дрэва трымаюць,
Не даюць яму ўпасці
Пад націскам ветру,
Які штодзень змяняе кірунак?
Дзякуй сцежкам,
Якія нястомна шукаюць дарогу,
Дзякуй дарогам,
Якія цярпліва чакаюць сцежак.
* * *