Паклон табе, святочны круглы стол,
Калі цябе ў палон бяруць тварожнікі
І крэслы па арбіце навакол
Абступяць, як планету спадарожнікі.
Хвалю тваё паседжанне, радня!
І хто з нас за сталом не пасталее,
Дзе маці — самым мудры старшыня?..
Такога б Генеральнай Асамблеі!
Сыны, нявесткі, дочкі і зяці —
Пасламі Наднямоныя і Чукоткі.
Клубок праблем разблытвайце ў жыцці,
Не апячыце губ — бярыце сподкі!
Адна сям’я і зблізку і здаля,
Яднае Ўсход і Захад форум братні.
Ці ж не магла б вось так і ты, Зямля?
Ты ж круглая —
амаль як стол мой хатні!
І хто з людзей не ахаў,
з-за крыла
Убачыўшы зямную сервіроўку,
Нас да свайго вялікага стала
З любых вышынь яна пацягне зноўку.
Як з місак, дым з вулканаў паўстае,
Бунтуе хмель у гронках — шклянак просіць.
Сурвэтак снежных пікі на стале
Яго высокасць сам Каўказ узносіць...
Эх, страсянуць бы так
За каўняры
Тых, што гатовы ў хцівасці зубастай
Перакульнуць нагамі дагары
Цябе, наш стол, каб толькі больш зграбастаць!
Ты ж не ўпадзеш ад добрых спраў і страў
Пад вечнаю сваёй лампадай-поўняй.
І слодычы і гаркаты прыпраў
Усім зямлянам выдай мерай поўнай.
Сям’я людская, думай жа пра стол,
Які прыбраць па-гаспадарску трэба.
Няхай штодзень на стол,
як на прастол,
Каронаю ўзыходзіць бохан хлеба!