Гнала мяне смага
Па лесвічцы горных парод,
Басіў, як пустая біклага,
Мой перасохлы рот.
Пальцы шукалі парэнчаў,
Да непрытомнасці слаб,
Покуль не ўпаў, не ўкленчыў
Перад табой, як раб.
Маё сцюдзёнае шчасце
Сагнула мяне ў крук...
Дай жа к табе прыпасці
Полымем губ і рук!
Ды гулкая непаседа
Крута вільнула ўбок,
Рачулкаю да суседа —
Подбегам скок ды скок!
Верная не паверне —
Пашыбавала туды,
Дзе і чакаюць не вельмі
Яе крынічнай вады.