Ляціце далёка,
Ляціце лёгка,
Сыны зямлі,
Якая вас
Прыцягвае,
Якая так не хоча
Адпускаць
З абдымкаў...
Спасцігайце зорныя навукі,
Апякайце аб вышыні рукі.
Ведаю, нікуды не падзенем
Сэрца,
Што ў грудзях трапеча пташкаю,
Плацім мы цаной такою цяжкаю
За высокі ўзлёт —
Сваім падзеннем...
Але ўсё ж не адляцім далёка
Ў неба
Ад бохана хлеба —
Самай малой планеты,
Што мае найбольшае прыцягненне
На вечнай арбіце жыцця.