Лета
нораў вясны
ўлагодзіць,
Адбуяніць паводка сляпая...
Нешта шумнае адыходзіць,
Нешта ціхае наступае.
Адплылі з раўчукамі ў далечы
Летуценняў хлапечых караблікі.
Звонка стукаюць, ападаючы,
Зоркі спелыя, нібы яблыкі.
Наступае гадзіна сталасці:
Засяродзіцца, засяродзіцца...
І калі ўжо такое сталася,
Нешта ўзыдзе і нешта родзіцца...
З тайны семені — сочнасць ягады,
Слодыч вішні і пругкасць коласа.
Я і сам у палоне злагады:
На шчапя не павышу голаса.
За свавольства падлетка-сына
Не караю —
папругай не ляскаю.
Нават з жонкай —
якая часіна! —
Гавару з галубінай ласкаю.
Наліваецца сонцам між лісця
Нешта спелае, нешта спеўнае.
...Як буянілі мы калісьці
Раўчукамі вясновымі з пенаю.