З’яўляешся ты часам прада мною,
Але не звонкім смехам хлапчука,
А ўсхліпамі трубы берасцяное
І плачам пастуховага ражка.
Загонам, што цягнуўся каля гаю,
Нагадваўшы сабою шнур вузкі,
І стужкаю шырокаю, якая
Вяла з бацькоўскай хаты ў батракі;
Лучынкай, што вячэрняю парою
Мне на падручнік кідала святло...
Маё дзяцінства, як сцяной, мяжою
Ад сонца адгароджана было.