Без дабра зямнога
Людзі бедавалі.
Людзі вельмі многа
Рэчаў збудавалі.
Больш цяпер пустэчы
У людзей не будзе.
Наступаюць рэчы —
Адступаюць людзі.
Як жывое дзіва,
Вытыркнуўшы лапы,
У дзверы кракадзілам
Упаўзе канапа.
Каб расплюшчыць вочы
Вам і ўсім суседзям,
Халадзільнік ноччу
Зараве мядзведзем.
Вас уранку нашча —
Як нутро трывае? —
Праглынае пашча
Дрогкага трамвая...
Хто там — о шаленства! —
Запярэчыў рэчам?
Толькі паслушэнства
У парадку рэчаў.
Людзі любяць рэчы
І такое робяць,
Што саміх, дарэчы,
Можа заўтра ўгробіць.