З радзільнага дома
З бацькамі ў «Пабедзе»
Ён з крыкам
Па вуліцы горада
Едзе.
Машына гудзе
Урачыста і строга:
Гэй, новаму грамадзяніну —
Дарогу!
Прахожыя ўбок адступаюць міжвольна —
Рассунуўся крышачку свет навакольны.
Зямля ўся абсыпана
Квеценню мая...
Свае чалавек уладанні
Прымае.
Прымае калоны будынкаў бясконцых
Бясхмарнае неба і яснае сонца,
Ды стромкія сцежкі,
Што ўперадзе недзе...
Ён з крыкам,
Як з дзіўнаю песняю,
Едзе.
Крычыць ён,
Каб мела зямля на прыкмеце,
Што новы жыхар
Пасяляецца ў свеце.
* * *