Пачую, як жаўрук спявае,—
І я хлапчук вясковы зноў.
Мая сцяжынка палявая
Рассоўвае сцяну жытоў.
Дзесь бацька плугам рэжа глебу,
Ідзе па свежай баразне.
Нясу яму акраец хлеба
І крыху малака ў збане.
Пясок гарачы, быццам прысак,
Хоць бульбу ты пячы на ім.
На гарызонце хвой абрысы
Трымцяць у марыве сівым.
Свае праменні сонца топіць
У неспакойнай збажыне.
Здаецца, што вось-вось падхопіць
Зялёны акіян мяне.
І забаюкае вятрыска,
Што сціхнуць не дае жытам.
Чакай! Ужо і татка блізка,
Я толькі торбу перадам...