Калі нечакана ўранку
У клетку яе закрылі,
Адчула тады паланянка,
Што лішнімі сталі крылы.
Успомніла, як калісьці
На сцэне зялёнай з ласкаю
Далонямі дружнымі лісце
Песням яе пляскала.
Укралі ў спявачкі неба,
Але затое неслі
За краты крупінкі хлеба,
Як ганарар за песні.
У вымушаным натхненні
Службова чырыкала птушка,
Нібы штукар на сцэне
З рота выцягваў стужку.
Цурчала песня бяздумная —
І пахавальнае штосьці,
Штосьці пранізліва сумнае
Было ў яе весялосці.
Ды неяк хлапчук-гарэза
Уранку адкрыў клетку —
І птушка сп’янела ад бэзу,
Ад водару траў і палеткаў...
Паверыць было ёй цяжка,
Што болей нічым не звязана.
І рантам адчула пташка,
Як песня ў горле завязла.