Паклонам першым і паклонам сотым,
П’янеючы без хмелю пакрысе,
Я кланяцца гатоў пчаліным сотам,
Мядовай іх спакуслівай красе,
Не літасцю багоў падараваная,
Турботай і работай —
вось яна,
Уся з маленькіх сонцаў змураваная
Майстрамі пералётнымі сцяна.
Паблісквае бурштынавымі блёсткамі
Праменны мур
пчалінае радні,
Якая мёд з калодзежаў пялёсткавых,
Нібыта з шахтаў,
Цягне дзень пры дні,
Спякоты спадарожніца бухматая —
Нястомная шукальніца-пчала...
Дык гэта ж ёй сама прырода-матухна
Усё сваё цвіценне аддала!
Запоўняць сонцам соты, нібы літары,
Працавікі пагоднаю парой,
А там і трутняў
з дому дружна вытураць:
За гэта —
ўвесь пчаліны рой —
гарой!