Хоць развіталіся мы,
Але жалезна звязаны.
Дзякуй, провад прамы,—
Табе мы так абавязаны!
Скроні ці сто званоў?..
Я ў тэлефоннай кабіне,
Як перад стартам ізноў:
Неба, адкрый глыбіні!
Я чую, як дыхаеш ты
У тэлефонную трубку,
Што ў покрыве цемнаты
Патрэсквае, нібы грубка.
Як мне ў вузельчык звязаць
Словы, што сэрца ўзважвае?
І не паспею сказаць
Самае, самае важнае.
Гэта прабегла жыццё
Ці толькі чатыры мінуты?
Слухай гудкоў выццё,
Як здаўлены плач пакуты.
І я ў зняменні стаю
І неяк збянтэжана кратаю,
Быццам руку тваю,
Трубку халаднаватую.
* * *