Я раніцою кожнай, як дзіця,
У захапленні адкрываю вочы
На непаўторны вечны цуд жыцця,
На свет, які штодзень выходзіць з ночы.
Пастукае прамень ціхутка ў шкло,
І ў норы цені ціснуцца, як лісы.
Усё наўкол, што цемраю было,
Набудзе зараз контуры і рысы.
Нібыта з-пад рукі чараўніка,
Ўвышыню раптоўна пырхне птушка,
Прарэжацца лістота і рака
Зазіхаціць, як трапяткая стужка.
Прачэрчацца паверхамі дамы,
Успыхнуць стоаконныя вітрыны.
А з каміноў барадачы-дымы
Выскокваюць, нібы з бутэлек джыны.
Прыходзь, прамень, ва ўсе куткі зямлі,
Туманам ахінутыя старэчым,
Аголенаю праўдай прасвятлі,
Вярні абліччы страчаныя рэчам.
Працуй, разец святла — мая радня,
З людзьмі ў цябе адвечнае сваяцтва.
Чароўным добрым дотыкам штодня
Вяршы сваё высокае мастацтва!
* * *