Пружыніць яшчэ хада,
І стома яшчэ не валіць.
І нават бяда не бяда,
Што лаюць часцей, чым хваляць.
Яшчэ я на ўліку людзей,
І нешта яшчэ важыць
Скарбонка маіх надзей
І спадзяванняў вашых.
А ці не моташна вам
Ад адыёзнага пошчаку,
Калі пры жыцці фіміям
Кураць, нібы нябожчыку?
Шалее літаўраў медзь:
Ты думаеш,
апяваюць,
Не могучы зразумець,
Што гэта цябе адпяваюць...
Не вешаю галаву.
Хай іншыя славу сядлаюць,
Я ведаю:
я жыву,
Пакуль мяне хваляць і лаюць.