Прырода і сёння чаруе і радуе.
І ў горад яна прасекла акно.
Слухае жаўранка сын мой —
Па радыё,
Бачыць адлёт жураўлёў —
У кіно.
Па тратуары іду з авоськаю,
Дзе ўтульна бульбе і бураку.
Іду з авоськаю,
Нібы з вёскаю,—
Рука за руку.
Сын мой, што поруч,
Убачыць раптоўна:
Сцяблінка бетон прабіла бунтоўна,
Ад радасці ўскружыцца галава:
— Трава!
На моры асфальту,
Дзе без супынку
Нас духатою душаць дамы,
Як за саломінку, за травінку
Хапаемся мы.
* * *