З крыжом,
іржавым і надломаным,
Спічасты шпіль да зор
Прасцёр
На плошчы ў горадзе над Нёманам
Касцёл,
Нібы вяршыня гор.
Ад граду, што калоссі жытнія
Малоціць сотнямі цапоў,
І ад маланкі, што абжытая
Бяжыць па дроце між слупоў,—
Як цені, цягнуцца паломнікі
У храм, нібыта ў век былы...
Мае равеснікі — палоннікі
Сівой касцёльнае імглы.
Іх даўкім дымам замуроўвае —
Раздзьмуў кадзіла бог рабы.
І б’юць аб пліты мармуровыя
Ілбамі потнымі
Рабы.
Жанчына — горкаю рабінаю:
Удовін позірк,
як сляза.
Багіня хараства рабыняю
Згінаецца, нібы лаза.
Малітву посны пастар выдыхнуў
Баском рыпучым, як пратэз,
І раптам крык бунтоўна выбухнуў
Дзіцячы крык, нібы пратэст.
Дзядок з вачамі жаўтароціка
Свой крыжык цісне да грудзей.
Выцягвае каменні гоціка
І гне людзей,
І гне людзей...
Мая эпоха!
Ты — нязвычная!
Табе ў вяках няма раўні.
Нейлонавая і касмічная,
Рабам калені разагні!