epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Ранак, дзень і вечар

Мне, як і ўсім на зямлі,

Наканавана

Праводзіць ранак, дзень і вечар,

Каб усявышні мог

У графіку мерапрыемстваў

Ставіць чарнільныя галачкі...

Ранак маіх спадзяванняў

Быў ружовы і вельмі кароткі,

Я не паспеў стаць піянерам —

А мне павязалі на шыю

Чырвоны гальштук пажару,

У якім згарэў

Папяровы самалёцік дзіцячае мары,

Запушчаны з аэрадрома

Хлапечай далоні.

Ранак маіх спадзяванняў

Скарачала гвалтоўна

Вайна,

Як няўмольны рэдактар,

Чырвонымі алоўкамі

Гармат...

Дзень маіх турбот

Доўгі і будзённа-шэры,

Як скроены ў спешцы

Салдацкі шынель

Не па росту,—

Бягу і баюся

Наступіць на крысо...

А вышыня,

Якую трэба ўзяць,

Так блізка —

Рукой падаць!

Адкрываючы люк карабля,

Я ступаю ў касмічную бездань,

У магільную цішыню зор —

Зіхатлівых узнагарод

Тым, што ўпалі на безыменных

Вышынях

На подступах к небу...

Дзень маіх турбот

Доўгі і будзённа-шэры,

Як салдацкі шынель не па росту...

 

Якім жа ты будзеш,

Вечар маіх успамінаў?