Горад за ноч прадрог.
Вуліца ціхая.
Трызненнем дзённых трывог гудзе яна.
Мой гадзіннік-будзільнік цікае,
Як міна
замаруджанага дзеяння.
Здзіўляюся, здзіўляюся...
Не зважаючы на светафор,
што міргае спрасонку: «Стоп».
Па маставой пракацілася сонца, як сноп.
Эх, паставы,
Прамаргаў — не прадзіравіў правы.
Здзіўляюся, здзіўляюся...
Парачка выйшла — вуліцу вышыла.
Сплеценых пальцаў размова шчырая.
Плацце — плывучую крону вішні —
Гімнасцёрка зялёная канваіруе.
Здзіўляюся, здзіўляюся...
Несучы сваю стому ў нялёгкім ранцы,
Кабета з паглядам,
што бліскавіцаю бліскае,
Будзі*ць нарачонага тупае кожную раніцу
На плошчу круглую да абеліска.
Здзіўляюся, здзіўляюся...
Бачу, як чалавек чыкільгае:
стук-стук!
Хто гэта —
генерал ці пастух?
Цяжка дыбаць:
на мыліцы,
раскалыханы з ванны,
Паскрыпвае шар зямны.
Здзіўляюся, здзіўляюся...
А ўзбоч каля скверыка бой па дварэ,
З траншэяў новай будовы
Сонца на мушку снайпер бярэ —
Сямігадовы, бядовы...
Калі я пакіну здзіўляцца?