У кветніку за агарожай
Яна ад летняга цяпла
Такою казачна прыгожай
Аднойчы ўранку расцвіла.
І ўбачыла ў святле ружовым
Усё наўкол, усё наўкол.
У водары яе мядовым
Трымцелі млява высь і дол.
Тут і дарослы і падлетак
Цвярозы свой спакой губіў
І ружы, як царыцы кветак,
Паклоны ў захапленні біў.
Яна ж, хаваючыся ў вецце,
Захоўвала духмяны цвет.
Люляў яе ружовы вецер,
Ружовы лёс, ружовы свет,
Пакуль не шуснула раптоўна
Рука садоўніка ў лісцё...
І абарвалася гвалтоўна
Яе прыгожае жыццё.
Як берагла рупліва ружа
Сваёй красы цнатлівай бель!
І вось пачула з вуснаў мужа,
Што ёй цана — адзін рубель.