Хвала хвіліне,
Што вянчае пошук!
Я гавару, страсаючы расу:
— Шаноўны грыб!
Хутчэй залазь у кошык —
Цябе дамоў, як пана, панясу!
З цярплівасцю
Сябе мы прывучаем
Згінацца
Перад кожнаю сасной —
І ўжо надзея кволая
Адчаем
Змяняецца
У глыбіні лясной.
О, непаўторны міг грыбной удачы:
Я прадзіраўся ў зараснік густы
І ўжо не ведаў:
Ці знайду, ці страчу...
А ты быў поруч.
Быў на ўскраі ты.
Хвала хвіліне,
Што вянчае пошук!
Трымціць
Перад вачыма дол рабы.
Грыбы, грыбы —
Мурзатыя ілбы...
Як лёгка мне,
Калі цяжэе кошык!
Ад радасці
Я падфутболіў трэску,
Узважваючы ў кошыку дары,
Мяне чакалі рыжыкі на ўзлеску,
Пакуль я іх шукаў у гушчары.