Сам ад цябе прыйшоў пакорна я
З няўтульнасці, як з вечнае разлукі,
У кайданы твае, любоў мая,
Падставіўшы добраахвотна рукі.
І мне маёй свабоды не шкада —
Маторы трубяць славу светафорам!
Я без цябе —
без рэчышча вада,
Якой ніколі не сустрэцца з морам.
Стыхія ад вясновага буянства
Шугае з берагоў, як з абцугоў,
А потым зноў шукае пастаянства,
Вяртаецца ў абдымкі берагоў.
Змывае ўсё без выбару мяцежнасць
Неўтаймавана ўздыбленай хады.
І цяжка так схапіць за павады,
Адчуць, што незалежнасць —
не бязмежнасць.
Багінямі да нас прыходзяць жонкі
З нявест у шлюбнай квецені вясны.
Звініце ж, абручальныя пярсцёнкі,
Кахання залатыя кайданы.