Я ведаю, сцягі — для свята,
Для той хвіліннай урачыстасці,
Што сэрцы адраджае свята
Раптоўным дотыкам вячыстасці.
Святліва далі расцвітаюць,
Калі над вулкамі заспанымі
З муроў і вокан вырастаюць
Яны вялізнымі цюльпанамі.
І ўжо тваёй душы патрэбу
Будзённымі не змераць меркамі.
Выходзіш спавядацца небу,
Прасветленаму феерверкамі.
Мы плошчу ботамі малоцім —
І твой абцасік тонка стукае.
Суседа кратаючы локцем,
З мінулым звязваеш наступнае.
Будзённую прагоніш скруху,
Нібы дакучлівага лёкая.
І толькі ў гэтым вечным руху,
Здаецца, блізка ўжо далёкае.
Замоўкнуць трубы, сціхнуць бубны,
Хай цішай нораў іх гартуецца.
Мы добра ведаем, што ў будні
Святочны ўзлёт сцягоў рыхтуецца.
* * *