Пачуць зялёны кліч вясны на золку
І дом змяніць на палявы абшар,
Саманадзейна замахнуцца ў зорку
І трапіць толькі ў вулічны ліхтар.
Глытаць таблеткі, калі ўвесну сыра,
Цягнуць у спёку з куфля свежы квас
І праклінаць пагоду і касіра
За тое, што не выплаціў аванс.
Складаць кантаты гераічнай Лайцы
І праслаўляць усе мацерыкі,
З рэдактарам да ачмурэння лаяцца
І з крыкам аперыраваць радкі...
За чаркаю граміць няпраўды свету
І абдымаць усіх людзей-братоў...
А змог бы ты,
як Галілей,
планету
Спіхнуць з усёмагутных трох кітоў?
Ты маўчыш?
Тады выкінь сваё пяро!