Суседка мая —
вуліца.
Я цябе, несціханую, слухаю.
Днём гудзеш перапоўненым вуллем,
Уначы засядаеш квактухаю...
Каб сон мяне атуліў салодкі,
Ты пяшчотным няньчыным рухам
Мне трамваі свае,
як бразготкі,
Доўга-доўга трасеш над вухам.
Ты варочаешся без адбою,
Неспакойная,
як бяссонніца,
Аж пакуль на зары над табою
Куранём не праклюнецца сонца.
І куды я ступіў бы раніцай,
Калі б не тваё суседства?
Ты —
дотык маёй абранніцы,
Дотык да чалавецтва.
Я тваю таварыскасць знаю,
Суседка мая —
вуліца.
Ты дойдзеш, як сувязная,
Да ўсіх, хто на хутары туліцца.
Як табе я аддзячу, дарэчы?..
Калі б толькі ногі ўтрымалі,
Я б ускінуў сабе на плечы
І панёс за цябе трамваі...
Мы з табой у сяброўскім хаўрусе —
І мяне ты на шпацыр клічаш.
А ў маўклівасці зажуруся,
Ты мне грому, суседка, пазычыш!
* * *