Запаліць святло патрэбна ў хаце:
Цені наваколле спавілі,
Пасылае да суседа маці
Хлапчука з бляшанкай па вуглі.
І з вуглёў агонь мы выдзьмувалі,
Нібы ў нейкі старажытны час,
Бо запалкі і не начавалі
На закураным камінку ў нас.
Браў старэйшы брат працёрты томік
Пра усходніх дарагіх братоў,
І святлела ўраз не толькі ў доме,
А і на душы у хлапчукоў.
Той агонь не гасне прад вачыма,
Хоць ужо нямала дзён прайшло.
Змалку нас само жыццё вучыла,
Як нялёгка здабываць святло.