Дрэвы — нібы дзяды:
Сівізна на галінах кашлатых.
Я прыходжу сюды,
Як на сход мудрацоў барадатых.
На мяне, як на дзіва,
Глядзяць яны зверху заўсёды.
Бо на сходзе адзіны я
Грамадзянін безбароды.
Я прыходжу паслухаць
Світальную мудрасць дубровы.
На мяне пазіраюць
Бязмоўна не дрэвы, а дровы —
Страявыя стралкі,
Што страляюць у печах спрадвеку,
Што ахвярна гараць,
Каб аддаць цеплыню чалавеку.
На мяне пазіраюць
Маўкліва цымбалы, якія
Не паспелі рассыпаць
Напевы свае трапяткія.
На мяне пазіраюць
Крамяныя мачты —
не сосны.
Старшынствуюць на сходзе
Не лютыя зімы, а вёсны.
Лёгка дыхаць на сходзе:
Тут клімат, як кажуць, здаровы,
У сяброўскім суседстве —
цымбалы,
і мачты,
і дровы.
Ваяўнічыя вёсны
Тут гнёзды свае заснавалі.
Спеў птушыны
з галінаў
Навечна дрымоту абтрос.
І шуміць, і гамоніць
пра мірнае суіснаванне
Асамблея зялёная
сосен,
дубоў
і бяроз.