І крыллі згорнуты ў палатцы,
І на драўляны ложак мой
Лісты пажоўклыя лажацца,
Каб адпачыць на ім зімой.
А мой спачын далёка недзе —
За многа вёрст,
за многа дзён.
Трубач трывожным клічам медзі
У строй збірае батальён.
Схапіў мяне за плечы ранец,
Уссеў, як хлопчык, на спіне.
Бягу — спрачаюся з вятрамі,
І ўсё бяжыць насустрач мне.
Не, не ад ранца прыліпае
Кашуля да плячэй маіх.
Сягоння цэлы свет, я знаю,
Абапіраецца на іх.